“Хард Базар” з UltraВожыкам
Музычна-палітычна-сатырычны праект UltraВожык на чале з шырока ўжо вядомым у краіне і за яе межамі сабачкам Ібрагімам ізноў баламуціць балота беларускай рэальнасьці. На гэты раз Вожыкі заняліся публіцызмам і прапануюць увазе слухачоў не новую песьню, а запіс дагэтуль не вядомай беларусам перадачы Супер-пупер панарама “Хард Базар”, у якой вядучы Арцём Патапкін абмяркоўвае беларускія навіны з цёзкам і аднафамільцам кіраўніка нашае краіны. Нягледзячы на тое, што запіс відавочна сфабрыкаваны, удзельнікі праекта раўлі ад шчасьця, атрымаўшы магчымасьць хаця б у такім, выдуманым, фармаце, паразмаўляць з прэзідэнтам.
Гаворыць Пётр Адамавіч:
- Мы ўсім калектывам ужо даўно марылі сустрэцца з прэзідэнтам у больш прыватных абставінах, чым праз репартажы навінаў на БТ. Сабачка Ібрагім кожны год дасылае лісты ў адміністрацыю, але адказу чамусьці дагэтуль не атрымаў, хоць і запрашае прэзідэнта на гарбату з цукеркамі і Pedigree.
Сабачка Ібрагім (засмучана):
- Гаў!
Яўген Шафа-Уругвайскі:
- Сабачка аднойчы так перажываў, што ў яго пачаліся праблемы з сэрцам, і бабуля Пятра Адамавіча падаравала яму на дзень народзінаў скрыню валакардзіна.
Пётр Адамавіч:
- У народзе прынята думаць, што мы - банда валасатых правакатараў, гультаёў ды гомасексуалістаў.
- І заафілаў, дадае сабачка Ібрагім.
- Але мы не такія ўжо і валасатыя.
Па словах Яўгена Шафы-Уругвайскага, запіс трапіў да музыкаў выпадкова: касэту перадаў не назваўшы сябе і ўвогуле вельмі падазроны ананім, не выключана што жульё ды апазыцыянер. У сувязі з гэтым UltraВожык упэўнены, што Супер-пупер панарама - гэта паклёп і правакацыя, якая не мае аніякага дачыненьня да рэальных асобаў ці падзеяў.
Скласьці сваё меркаваньне вы можаце, спампаваўшы запіс Супер-пупер панарамы “Хард Базар” вось тут.